Брэсцкая крэпасць, помнік абарончай архітэктуры сярэдзіны XIX ст. Размешчана ў заходняй частцы Брэста. У 1830 годзе расійскі імператар Мікалай I зацвердзіў праект будаўніцтва крэпасці інжынера-генерала К.І. Аппермана і інжынера-палкоўніка А.І. Фельдмана. У адпаведнасці з планам крэпасць была пабудавана на месцы г. Брэст-Літоўска. 1 чэрвеня 1836 г ва ўрачыстай абстаноўцы пачалі будаўніцтва Цытадэлі крэпасці. 26 красавіка 1842 г над крэпасцю Брэст-Літоўск быў узнят сцяг, і яна ўступіла ў лік дзеючых крэпасцяў Расійскай імперыі.
Крэпасць складаецца з Цытадэлі і трох умацаванняў, якія складаюць бесперапынную галоўную крэпасную агарожду (земляны вал 10 метровай вышыні працягласцю 6,4 км з цаглянымі казематамі ўнутры). Агульная плошча крэпасці 4 м². Першая сусветная вайна застала крэпасць у самым разгары за будаўніцтвам фартовага поясу, на лініі крэпасной абароны было збудавана 22 форта, 5 абарончых казарм, 21 апорны пункт, 36 артылерыйскіх батарэй, бетонныя прамежкавыя парахавыя склепы.
Брэсцкая крэпасць і 13 аб'ектаў фартыфікацыі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
brest-fortress@yandex.ru
ГУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»
Устаноўлены ў 2009 г у Брэсце (скульптар А. Паўлючук, архітэктар А. Андрэюк). Агульная вышыня помніка 15 м. У аснове архітэктурнага рашэння пакладзена класічная кампазіцыя: ніжні ярус – пямятныя дошкі аб гістарычных падзеях горада з XІ ст; другі ярус – барэльефы, якія адлюстроўваюць ключавыя падзеі гісторыі; трэці ярус – скульптуры, якія ўвасабляюць гісторыю горада; чацвёрты ярус – калона з анёлам-ахоўнікам. Цэнтральнае звяно ўспрымання помніка – скульптуры вядомых гістарычных дзеячаў, дзейнасць якіх звязана з гісторыяй горада (князь Уладзімір Васільковіч з Брэсцкай вежай, вялікі князь Вітаўт, Мікалай Радзівіл Чорны з Бібліяй) і тры зборныя вобразы гараджан. На кругавым барэльефе 6 гістарычных сюжэтаў: легенда аб заснаванні Брэста, будаўніцтва горада, удзел берасцейцаў у Грунвальдскай бітве, выданне Брэсцкай Бібліі, абарона Брэсцкай крэпасці 1941, засваенне космасу беларусамі.
г. Брэст скрыжаванні вул. Гогаля і вул. Савецкай
Уладкавана ў Брэсце на вуліцы Гогаля, дзе размешчана больш за 40 ліхтароў з каванага металу. Кожны з іх уяўляе сабой асобны арт-аб'ект. Аўтары ідэі – старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С. ПАЛЫШЭНКОЎ і брэсцкі майстар кавальскіх спраў А. Чумакоў. Адкрыта алея 27 ліпеня 2013 да святкавання Дня горада ўстаноўкай «Літаратурных» ліхтароў, прысвечаных творчасці М. В. Гогаля. Асноўная частка кампазіцый сімвалізуе дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, на сродкі якіх яны выраблены і устаноўлены. Ліхтар-клоўн і ліхтар-анёл сканструяваны па эскізах мясцовых школьніц.
г. Брэст, вул. Гогаля
Скульптурная кампазіцыя, якая паказвае кошкін дом, была ўстаноўлена ў 2008 годзе. Гэты помнік носіць такія назвы як «Закаханыя каты», «Месяц сакавік», «Каты на даху», але на самай справе гэтая настальгічная кампазіцыя афіцыйна называецца «Стары горад». Помнік мае незвычайную гісторыю: ён створаны на месцы чатырохметровай трубы, маскіруючы яе знешні выгляд, а акенца ў хатцы пакінута не проста так – праз яго ажыццяўляецца вентыляцыя. Скульптар Руслан Усманаў сказаў, што хацеў у сваёй працы паказаць каханне. Так з'явіліся закаханыя каты, якія, дарэчы, былі вылеплены з натуры.
г. Брэст, скрыжаванне Савецкай і Пушкінскай
Знак нулявога кіламетру ў Брэсце знаходзіцца на плошчы Леніна насупраць касцёла Ўзвышэння Святога Крыжа і з'яўляецца пачатковым пунктам адліку дарожных адлегласцяў гарадоў Беларусі. Помнік выкананы ў выглядзе верставога слупка ў выглядзе куба, устаноўленага на гранёную калону, у падмурку якой напісаны адлегласці да гарадоў Беларусі. На гранях куба намаляваны герб горада Брэста і залацісты круг з тэкстам на беларускай мове. У знака нулявога кіламетра заўсёды шмат турыстаў, якія любяць фатаграфавацца на фоне гэтай славутасці Брэста і шукаць адлегласць да свайго горада, напісаннае на падмурку слупа.
г. Брэст, вул. Леніна, 32